Фальклорнае свята "Купалле!"
07.07.2022У рамках рэалізацыі педагагічнага праекта "Далучэнне выхаванцаў дашкольнай адукацыі і вучняў 1-4 класаў да народнай творчасці і фальклорнай спадчыны малой Радзімы" ва ўстанове адукацыі прайшло фальклорнае свята "Купалле!".
У разгар лета ў Беларусі адзначаюць Купалле – адно з найстарадаўнейшых народных свят, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі.
З Купаллем звязана шмат дзіўных легенд і паданняў. У народзе верылі, што ў гэту ноч рэкі свецяцца асаблівым нерэальным святлом, а ў іх водах купаюцца русалкі. Па зямлі ходзяць ведзьмы, чарадзеі і духі, якія імкнуцца нашкодзіць чалавеку, расліны і жывёлы размаўляюць, а сонца на золку "гуляе".
Убачыць гэтыя цуды, зразумець мову звяроў і птушак можна з дапамогай кветкі папараці, якая зацвітае, згодна з павер'ямі, усяго на імгненне раз у год. Яна давала незвычайную здольнасць бачыць будучыню і знаходзіць усе схаваныя скарбы свету, але раздабыць яе мог толькі вельмі смелы чалавек. Пошук "папараць-кветкі" – адзін з самых таямнічых рытуалаў купальскай ночы.
На Купалле беларусы праводзілі яшчэ шмат сімвалічных абрадаў:
- збор лекавых кветак і траў, якія набывалі ў гэту ноч асаблівую сілу;
- рытуал ачышчэння агнём (праз купальскае вогнішча людзі скакалі, у ім спальвалі кола-"сонца", адзенне хворых, старыя рэчы);
- варажба на будучае (дзяўчаты пускалі па вадзе купальскія вянкі);
- абрадавая вячэра;
- рытуалы аховы дамоў і палёў ад нячыстай сілы;
- прашэнне багатага ўраджаю і дастатку;
- абрадавыя песні і карагоды, шумныя вясёлыя гульні;
- рытуал ачышчэння вадой на ўзыходзе сонца, умыванне расой.
Здаўна ў Купаллі ўдзельнічалі ўсе жыхары сяла ад малога да вялікага, бо толькі ўсеагульнае выкананне абрадаў забяспечвала дабрабыт.