ПАРАДЫ БАЦЬКАМ

Вучымся разам з дзецьмі гаварыць па-беларуску!
Родная мова, якой авалодваюць дзеці ў зносінах з дарослымі, з'яўляецца галоўным сродкам засваення імі культуры свайго народа, фарміравання нацыянальнай самасвядомасці. У родным слове, па сцвярджэнні вялікага рускага педагога К. Д. Ушынскага, народ клапатліва захоўвае "ўвесь след свайго духоўнага жыцця". Матчына мова, мова бацькоў, продкаў з'яўляецца сродкам, і зместам духоўнага развіцця асобы чалавека.
Давайце разам падумаем, як зацікавіць дзіця, каб яму захацелася гаварыць на роднай мове.
Пачынаем размаўляць па-беларуску!
Ветлівасць
Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня. Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін дзецям.
Дзякуем
Сардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!
Просім прабачэння
Прабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату.
Радуемся
Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!
Жадаем
Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя! Расці дужы (дужая) ды вялікі (вялікая)! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра!
Імёны
Для бацькоў імя сына ці дачкі — самае пяшчотнае і мілагучнае. Кожнае дзіця любіць, каб да яго звярталіся неяк асабліва. Камусьці падабаюцца памяншальныя ласкавыя формы імя, камусьці — толькі поўныя. Дзецям будзе цікава на некалькі хвілін акунуцца ў мінулае нашай краіны і даведацца, якія імёны існавалі раней на Беларусі.
Кнігі на беларускай мове
У многіх сем’ях існуе традыцыя — увечары перад сном бацькі чытаюць дзецям казкі. Часцей чытайце разам з дзецьмі кнігі на беларускай мове. Завітайце ў кнігарню ці бібліятэку, пазнаёмцеся з навінкамі на кніжных паліцах. Вы ведаеце кнігі «Прыгоды Нуліка» і «Я тут жыву» Уладзіміра Ліпскага, «Вандроўка з божымі кароўкамі» і «Першая прыгажуня» Алены Маслы, «Цуда-вуда» Уладзіміра Мазго, кнігі Ніны Галіноўскай, Казіміра Камейшы, Міколы Маляўкі, Анатоля Зэкава і іншыя цудоўныя творы, якія напісаны спецыяльна для маленькіх чытачоў? Цікаўцеся дзіцячай літаратурай на роднай мове!
Паспрабуйце заахвоціць дзяцей да чытання вершаў, казак, апавяданняў, змешчаных на старонках дзіцячых часопісаў. Разам абмяркоўвайце выказаныя ў іх думкі, дапамажыце лепш зразумець прачытанае.
Прыказкі і прымаўкі
Прыказкі надаюць мове выразнасць, дасціпнасць, паэтычнасць. «Хата без кутоў не будуецца, без прымаўкі ні бяседа, ні гутарка не вядзецца» — у прыказках мала слоў, але ў іх закладзена народная мудрасць.
Без асаблівых намаганняў памяці мы звяртаемся да прыказак і прымавак, каб даць ацэнку падзеям, характарыстыку паводзінам людзей. Як растлумачыць дзецям, што такое любоў і павага да бацькоў, як трэба ставіцца да людзей, дзе знайсці даступныя ўзросту прыклады? Прапануйце дзецям прыказкі і разам абмяркуйце іх.
Пры сонейку цёпла, пры мамачцы добра.
Добраму чалавеку жыццё ў радасць, а злому — адно гора.
Не рабі другому, што не люба самому.
У людзей пытай, ды свой розум май.
Прыказкі і прымаўкі не старэюць на працягу стагоддзяў, яны выказваюць агульначалавечую мараль сцісла, у дасканалай мастацкай форме.
Вывучаць мову, якую не ведаеш, — з’ява не простая. Калі ж бацькі разам з дзецьмі вывучаюць родную мову, поспех абавязкова прыйдзе. Час ад часу можна нават спаборнічаць, хто лепш ведае сваю мову. Напрыклад, паспрабуйце з дапамогай перакладнога слоўніка (а мо і без яго) назваць па-беларуску навакольных птушак, звяроў, кветкі і гэтак далей.
«Вам доўга крочыць праз гады. Не забывайцеся ж, якія Вы пакідаеце сляды»
Пятрусь Броўка
Дзіця, якое з маленства шануе традыцыі сваіх продкаў, гаворыць па-беларуску, паважае сваіх бацькоў, пранясе такія адносіны праз усё жыццё. І тады новыя пакаленні маленькіх беларусаў будуць размаўляць на роднай мове.
Чытайце разам з дзецьмі
"Вясёлка" - часопiс для дзяцей i iх бацькоў

http://www.veselka.by
"Буся" - чытанка-маляванка для дашкольнікаў

http://www.veselka.by/?page_id=4543
свернуть